Ян Маліцкі: Гульня на павышэньне ставак

У Беларусі распачынаецца чарговы віток судовых пераглядаў справаў палітычных вязьняў. Размова ідзе пра асуджаных за Плошчу-2010. Маладзёнаў выклікаюць на допыты і ў суд, сьледчыя заяўляюць пра парушэньне рэжыму прэвэнтыўнага нагляду. Адметна, што гэтыя падзеі адбываюцца на фоне візыту міністра замежных справаў Уладзімера Макея ў Брусэль. Ці выпадкова гэтыя падзеі супалі па часе? Для palitviazni.info адказвае на гэтыя пытаньні Ян Маліцкі, дырэктар Студыюма Ўсходняй Эўропы, якая курыруе праграму Каліноўскага.

Ян Маліцкі: Я мяркую, што такім чынам улады Беларусі спрабуюць падвысіць стаўкі. Чарговы раз бачым такую гульню – штучна ствараюцца праблемы для грамадзянскай супольнасьці, а потым назіраюцца нейкія саступкі. І гэтая гульня ня першы раз ужываецца афіцыйным Менскам.

– Але калі не першы раз выкарыстоўваюцца такія захады, то чаму, калі пра іх вядома, яны прыносяць дывідэнты ўладам краіны?

Ян Маліцкі: Але ж я не сьцвердзіў, што ўсе пра гэта ведаюць. Проста я такім чынам разумею гэтую сытуацыю і бачу, што ўлады Беларусі гэта выкарыстоўваюць. Але гэта не значыць, што ўсе прытрымліваюцца такога меркаваньня і таксама лічаць так.

– Як Вы мяркуеце, чаму чарговы раз дэмакратычныя краіны таксама прымаюць удзел у гэтай ганебнай гульні, у гэтым гандлі людзьмі?

Ян Маліцкі: Па-першае, большасьць палітыкаў Эўразьвязу не валодаюць на дастатковым узроўні ведамі пра сытуацыю ў Беларусі. Ну і адсюль, з-за гэтага Лукашэнку ўдаецца пакуль карыстацца гэтым няведаньнем.

– Гэтак жа сама, як і ўнутры краіны, дзе фактычна няма масавага пратэсту супраць палітычных арыштаў? Ці не зьяўляецца існаваньне гэтай сытуацыі з-за адсутнасьці інфармаваньня грамадзянаў?

Ян Маліцкі: Не тут я не пагаджуся, бо сытуацыя ў гэтым пляне ўнутры краіны нагадвае нейкі маразм. Перадусім палітычнага маразму. Бо цяпер складана казаць пра недахоп інфармацыі. Час такі, што калі чалавек пажадае пра нешта даведацца, то даведаецца пра гэта. Ёсьць жа незалежныя сродкі масавай інфармацыі: і інтэрнэт-старонкі, і незалежнае тэлебачаньне, радыё. Можна атрымаць інфармацыю, калі ёсьць жаданьне. Таму сытуацыя ўжо шмат гадоў мае рысы палітычнага маразму. У апазыцыя цяпер толькі невялікая група асобаў. І гэтыя асобы не маюць досыць моцнай падтрымкі. І ўсё гэта становіцца прычынай таго, што палітычная сытуацыя ў краіне не зьмяняецца.

– Але ці ёсьць нейкія захады, крокі, дзеяньні, якія змаглі б пераламіць існую сытуацыю і прывесьці да зьменаў?

Ян Маліцкі: На жаль унівэрсальных рэцэптаў для такіх сытуацыяў не існуе. Я мяркую, што да зьменаў прывядзе рана ці поздна сам Лукашэнка. Бо прычынай грамадзянскага, палітычнага ажыўленьня ў краіне можа стаць эканамічны крызыс. Толькі тады людзі перастануць яму верыць і перастануць чакаць на яго рашэньні, або яго дапамогу для супольнасці. Людзі павінны самі пераканацца ў тым, што абяцаньні Лукашэнкі – няпраўда і лухта. Маю на ўвазе абяцаньні, што краіна багатая, забясьпечаная, што кажды мае дапамогу. Бо мне цяпер падаецца, што значная частка людзей вераць, што Беларусь у вельмі добрай эканамічнай сытуацыі і ня толькі, што краіна на дзясятым месцы сярод эканамічна разьвітых краінаў сьвету. Гэта сьмешна і не адпавядае рэчаіснасьці, але людзі вераць у гэта. Вераць, што праблемы ў нацыянальнай эканоміцы зьяўляюцца прычынай зьнешніх нейкіх умяшальніцтваў збоку іншых краінаў. Вераць таксама, што краіна прававая, што няма і палітвязьняў, перасьледу за свае палітычныя погляды.

– Што да праграмы Каліноўскага, якую курыруе Студыюм Усходняй Эўропы, колькі цяпер студэнтаў зь Беларусі навучаецца ў Польшчы, ці зьвяртаюцца за дапамогай да Вас палітычныя вязьні?

Ян Маліцкі: Адразу ж адзначу, што ў цэлай Эўропе гэта найбуйнейшая праграма на сёньняшні дзень па дапамозе рэпрэсаваным беларусам, дапамога перадусім адукацыйная. І дадам, што гэтая праграма, адзіная такога буйнога памеру, якая фінансуецца толькі і выключна за кошт польскага бюджэту, наша праграма наагул не выкарыстоўвае сродкі зь Эўразьвязу. На сёньня ў Польшчы навучаецца каля 300 студэнтаў зь Беларусі. Больш за 200 чалавек ўжо выпускнікі праграмы. Прычым некаторыя зь іх працягваюць навучаньне і абараняюць доктарскія дысэртацыі. Таксама ў нашай праграме навучаюцца і палітычныя вязьні. Дапамога аказваецца не толькі выключаным з ВНУ ў Беларусі студэнтам, але таксама і палітычным ўцекачам. Таму агулам некалькі дзясяткаў чалавек гэта былыя вязьні сумленьня, а таксама і палітычныя ўцекачы.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Класкоўскі
  • Зьміцер Дашкевіч
  • Яўген Сувораў
  • Павал Красоўскі
  • Мікалай Дзядок