Уладзімір Кондрусь

kondrus-5-r7331Жыхар пасёлка Рудзенск Уладзімір Кондрусь быў змешчаны пад варту ў СІЗА МУС № 1 14 чэрвеня 2016 г. Паводле пацверджанай Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь інфармацыі, ён абвінавачваецца па ч. 2  арт. 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“Масавыя беспарадкі”).

Дадзеная крымінальная справа ўзбуджана ў межах справы па падзеях 19 снежня 2010 г. у Мінску, калі ў выніку непрапарцыйна жорсткага разгону мірнай дэманстрацыі пратэсту на пл. Незалежнасці сотні чалавек былі затрыманы і падвергнуты  адміністрацыйным арыштам і крымінальнаму пераследу, сярод збітых і затрыманых апынуліся і сямёра кандыдатаў, што бралі ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 2010 г. У выніку 44 удзельнікі тых падзей былі асуджаныя да розных відаў пакарання, у тым ліку і пазбаўлення волі. На сённешні дзень усе асуджаныя па  гэтай справе альбо цалкам адбылі вынесеныя пакаранні, альбо былі датэрмінова вызвалены з месцаў пазбаўлення волі ў выніку памілавання.

9 жніўня бацькі Уладзіміра Кондруся упершыню за два месяцы арышту наведалі сына ў мінскім СІЗА-1. Бацькі стан здароўя 39-гадовага сына, які знаходзіцца ў санчастцы «Валадаркі», ацэньваюць як крытычны. Ён вытрымаў толькі пяць хвілінаў першага дазволенага спаткання з бацькамі.

Раней у СІЗА Уладзімір Кондрусь трымаў доўгатэрміновую галадоўку на знак пратэсту супраць свайго зняволення, што і стала прычынай рэзкага пагаршэння яго стану здароўя.

На думку праваабаронцаў, змяшчэнне пад варту Уладзіміра Кондруся па абвінавачванні па арт. 293 КК па падзеях 19 снежня 2010 г. з’яўляецца адным з рэпрэсіўных дзеянняў уладаў, якія мусілі застацца ў мінулым.

Сам факт крымінальнага пераследу па дагэтуль не спыненай справе па падзеях 19 снежня 2010 г. стварае небяспеку арыштаў іншых удзельнікаў тых падзей, якія могуць дагэтуль знаходзіцца ў вышуку.

Праваабаронцы яшчэ раз пацвердзілі сваю пазіцыю, якая заключаецца ў тым, што дзеянні У. Кондруся не могуць быць кваліфікаваныя па арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь, а тэрмін даўніны па іншых артыкулах КК, па якіх яны маглі б быць кваліфікаваны, мінуў.

У сувязі з гэтым праваабарончыя арганізацыі расцэньваюць крымінальны пераслед Уладзіміра Кондруся як палітычна матываваны, а самога Уладзіміра Кондруся лічаць палітычным зняволеным.

Актывісты валанцёрскай службы арганізацыі ўжо накіравалі першыя паштоўкі салідарнасці Уладзіміру Кондрусю, што можа зрабіць кожны, каму неабыякавы лёс гэтага чалавека.

Паштоўкі і лісты да яго можна накіроўваць на адрас:
СІЗА №1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030